Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
31.03.2021

Імёны народных майстроў Бераставіччыны ўвайшлі ў склад новага зборніка «Народныя майстры Беларусі»

Імёны дзвюх ткачых Бераставіччыны ўвайшлі ў склад новага выдання «Народныя майстры Беларусі». Пра гэта паведамілі ў Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Зборнік падрыхтаваны Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур паводле падпраграмы “Мастацтва і творчасць” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады. У яго ўвайшлі кароткія паведамленні аб майстрах “залатога фонду” краіны, якім спецыяльнай дзяржаўнай камісіяй прысвоены статус “народнага майстра”. Сярод іх дзве прадстаўніцы Бераставіцкага раёна – ткачыхі Марыя Кажанеўская і Алена Барцэвіч з вёскі Плябанаўцы. Ткацтва з’яўляецца адным са старажытных промыслаў беларусаў. На працягу стагоддзяў яно развівалася, удасканальвалася, перадавалася з пакалення ў пакаленне і набывала рысы, характэрныя той ці іншай мясцовасці. Ткацтва на Гродзеншчыне і Бераставіччыне таксама адрозніваецца пэўнымі ўзорамі і колерамі. Наша тэрыторыя – памежная з Еўрапейскім Захадам – у апошнія два стагоддзі была своеасаблівым творчым палігонам для беларускага народнага ткацтва. Дарэчы, тут – на Гродзеншчыне і тэрыторыі каля Беластока і Аўгустова – у другой палове ХІХ стагоддзя з’яўляюцца ў сялянскім побыце рэдкія на той час падвойныя дываны. Падвойнае (двухасноўнае) ткацтва было вядома са старажытных часоў у розных частках і краінах свету: на Бліжнім Усходзе, у Перу, Мексіцы, Італіі, Іспаніі, Англіі, краінах Скандынавіі, Германіі, Польшчы, Літвы, на землях Старажытнай Русі. У 2011 годзе элемент “Тэхналогія традыцыйнага падвойнага ткацтва в. Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці” ўключаны ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. На Бераставіччыне найбольш абшырныя калекцыі вырабаў ткацтва створаны рукамі Марыі Кажанеўскай і Алены Барцэвіч, якім прысвоена званне “народных майстроў”. У вырабах плябанаўскіх ткачых жыве душа беларускага народа, гісторыя і адметныя рысы нашай малой радзімы – штосьці незвычайна каштоўнае, што немагчыма ацаніць, а толькі адчуць сэрцам. Вельмі прыемна і ганарова, што імёны нашых майстрых увайшлі ў маштабны зборнік “Народныя майстры Беларусі”. Жанчыны з’яўляюцца захавальніцамі традыцый, носьбітамі сакрэтаў і навыкаў ткацтва, распаўсюджанага на Бераставіччыне. Для сучаснага пакалення іх творчасць павінна стаць арыенцірам, вартым пераймання, адраджэння, развіцця і ўключэння ў сучасныя культурныя працэсы. З выданнем “Народныя майстры Беларусі” можна пазнаёміцца ў Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе зборнік захоўваецца. Святлана Ганчарова, фота аўтара