Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

“Беларусь – мірная і стваральная краіна”. У Бераставіцкай райбібліятэцы дзейнічае кніжная выстава, прысвечаная Году міру і стварэння

27.02.2024
“Беларусь – мірная і стваральная краіна”. У Бераставіцкай райбібліятэцы дзейнічае кніжная выстава, прысвечаная Году міру і стварэння

“Беларусь – мірная і стваральная краіна” – назва кніжнай выставы, якая дзейнічае ў абанементнай зале  Бераставіцкай раённай бібліятэкі. Экспазіцыя прысвечана Году міру і стварэння, аб’яўленага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у мэтах кансалідацыі беларускага народа, умацавання ў грамадстве ідэй міру і стваральнай працы як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы.

Жыхарка г. п. В. Бераставіца Раіса Хацько з’яўляецца шматгадовым чытачом райбібліятэкі.  У свой чарговы візіт жанчына пазнаёмілася з літаратурай, прадстаўленай на выставе.

Наша краіна – міралюбівая і працалюбівая, – кажа Раіса Іванаўна. – Выданні на кніжнай выставе пацвярджаюць гэта і, лічу, усім чытачам варта наведаць экспазіцыю.

Бібліятэкі валодаюць вялікім патэнцыялам у галіне папулярызацыі мірнай стваральнай працы, ідэй міру і згоды, які можа быць выяўлены праз розныя формы работы, – расказвае дырэктар Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага Святлана Станкевіч. – Кніжныя выставы – адна з такіх форм.  Напрыклад, на выставе ў цэнтральнай бібліятэцы прадстаўлена навукова-папулярная літаратура – энцыклапедычныя і грамадска-палітычныя даведнікі, фотаальбомы, зборнікі, якія распавядаюць пра дасягненні нашай краіны ў розных сферах жыцця грамадства. Ёсць асобны падраздзел з выданнямі, якія ўшаноўваюць памяць пра гераізм, мужнасць і стойкасць беларусаў падчас вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама знаёмяць чытачоў з фактамі генацыду нашага народу. Шэраг твораў прысвечаны сучаснай нацыянальнай ідэі і прынцыпам, якімі кіруецца Рэспубліка Беларусь у сваім развіцці і міжнародных адносінах. Экспазіцыя робіць акцэнт і на моладзі, як стваральнай моцы нашай краіны, а таксама на абаронцах нашай Радзімы, якія стаяць на варце міру і спакою.

Галоўны сэнс экспазіцыі – успомніць тых, хто заваяваў права на незалежнасць Беларусі самай дарагой цаной – цаной жыцця, пазнаёміць чытачоў з дасягненнямі стваральнай працы нашага народа і з асноўнымі акцэнтамі ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама з гістарычным мінулым, сучаснымі палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі аспектамі жыцця Рэспублікі Беларусь.

Акрамя кніжна-ілюстрацыйных выстаў у райбібліятэцы і яе сельскіх філіялах пройдзе шэраг іншых мерапрыемстваў у рамках Года міру і стварэння, разлічаных у тым ліку і на юнага чытача. На працягу года наведвальнікаў бібліятэчных устаноў чакаюць урокі патрыятызму, міру, памяці і мужнасці, прававыя інфарміны, гістарычныя рандэву і экскурсы, дыскусіі, інфармацыйныя гіды, дыялогі-разважанні, гульнявыя асарці, краязнаўчыя падарожжы і іншыя пазнавальныя сустрэчы.

Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара 

© Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт, 2024.