19.09.2022

Разам мы – Беларусь! На Бераставіччыне адзначылі Дзень народнага адзінства

Свята 17 верасня – Дзень народнага адзінства – на Бераставіччыне адзначылі канцэртнай праграмай «Разам мы – Беларусь!». Былі арганізаваны тэматычныя выставы музея Белкі, райбібліятэкі і навучэнцаў мастацкага аддзялення Бераставіцкай школы мастацтваў.

Увесь канцэрт, які адбыўся на сцэне школы мастацтваў, быў напоўнены любоўю да роднай зямлі і гонарам за яе самаахвярны народ.

Вядучыя ўрачыстасці нагадалі землякам аб важнасці даты 17 верасня ў сучаснай гісторыі нашай краіны і аб тым, што падзеі, якія садзейнічалі нашаму раз’яднанню, у той жа час, дапамаглі нам за мінулыя гады сфарміраваць сваю ідэнтычнасць і яшчэ больш палюбіць сваю радзіму.

     
     
Гаворачы аб Дні народнага адзінства, можна адзначыць, што дзеля гэтага свята многія пакаленні беларусаў дастойна пранеслі сваю ідэю аб свабоднай і квітнеючай зямлі, і сёння мы павінны з павагай ставіцца да іх ідэалаў.

Адноўленае адзінства з заходнімі абласцямі нашай краіны ў 1939 годзе стала пачаткам фарміравання новага этапу самасвядомасці беларускага народа. І гэтую гістарычную памяць нам неабходна захоўваць.

Вакальныя нумары калектываў і салістаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, прыгожы тэатралізаваны пралог былі прысвечаны сімвалам нашай рэспублікі – яе мілагучнай мове, яе песнярам, ​​якія ўславілі прыгажосць і веліч беларускай зямлі, яе абаронцам, якія падаравалі нам свабоду і незалежнасць, і яе народу, які сваёй працай і клопатам штодня робіць Беларусь прыгажэйшай.

Лірычныя песні на роднай мове і аб роднай зямлі падарылі бераставічанам радасны настрой і ўпэўненасць у тым, што толькі разам мы – Беларусь.

Святлана Ганчарова, фота аўтара