Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
07.10.2020

На фасадзе школы – “Дрэва заснавальнікаў гісторыі Вялікай Бераставіцы”

Распачатая ў мінулым годзе работа па роспісу фасадаў будынкаў г. п. В. Бераставіца ат­ры­­мала свой працяг. На фасадзе Вялі­кабе­раставіцкай сярэдняй школы з’явілася “Дрэва заснавальнікаў гісторыі Вялікай Берас­тавіцы” і сваімі яркімі фарбамі ажывіла мясцовы пейзаж. Нагадаем, роспіс сцяны праводзіўся ў рамках абласнога праекта, які рэалізуецца на Гро­дзеншчыне з мэтай паспрыяць турыстычнай прывабнасці населеных пунктаў рэгіёну. На фасадах многіх будынкаў абласнога і раённых цэнтраў з’явіліся сюжэты знакавых гістарычных падзей, самабытных традыцый, партрэты вядомых гістарычных асоб. У Вялікай Бераставіцы першай такой паспяховай спробай стала выява палаца Касакоўскіх на сцяне дома №1 па вуліцы Савецкай работы свіслацкага мастака Сяргея Сыраежкі. Сяргей Мікалаевіч ажыццявіў чарговы мастацкі роспіс фасада ў нашым гарпасёлку – на будынку школы. А эскіз новай гістарычнай кампазіцыі стварыў мясцовы краязнаўца, мастак-афарміцель Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага Андрэй Втарушын. – Роспіс на тэму “Дрэва заснавальнікаў гісторыі Вялікай Бераставіцы” прысвечаны пяці ўладальнікам нашага мястэчка на працягу XV-XX стагоддзяў, – расказвае пра канцэпцыю малюнка на фасадзе Андрэй Францавіч. – Гэта вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелон, графы Хадкевічы, Мнішкі, Патоцкія і Касакоўскія. Партрэты прадстаўнікоў кожнага роду ўпрыгожваюць “галіны дрэва”. Гэта людзі, якія паўплывалі на развіццё гісторыі і культуры Вялікай Бераставіцы. Напачатку бераставіцкая зямля знаходзілася ва ўладанні князя літоўскага і караля польскага Аляксандра Ягелона (1461-1506). Затым, у 1506 годзе, была перададзена за верную і самаадданую службу Аляксандру Іванавічу Хадкевічу (1475-1549) – дзяржаўнаму дзеячу ВКЛ, маршалаку гаспадарскаму, ваяводзе навагрудскаму, старасце брэсцкаму. Хадкевіч атрымаў вядомасць як фундатар царквы-крэпасці ў Супраслі, дзе працавала буйнейшая ў XVII-XIX стст. друкарня на Беларусі. Паспрыяў ўзвышэнню Вялікай Бераставіцы ў сярэдзіне XVIII ст. Ежы Аўгуст Мнішак (1715-1778) – маршалак надворны каронны, кашталян кракаўскі. Ён быў трэцім сярод чатырох уладальнікаў Вялікай Бераставіцы з роду Мнішкаў і ініцыятарам надання мястэчку Магдэбургскага права, фундаваў будаўніцтва бераставіцкай ратушы, завяршыў аднаўленне старажытнага касцёла Звеставання Панны Марыі. Дзякуючы Ежы Аўгусту Вялікая Бераставіца стала гандлёвым цэнтрам на шляху Гродна-Крынкі, Ваўкавыск-Беласток. Дачка Ежы Аўгуста Мнішка Юзэфіна Амелія (1752-1798) ўвайшла ў гісторыю Рэчы Паспалітай пад імем графіні Патоцкай як статс-дама рускага двара імператрыцы Кацярыны ІІ, польская мастачка і пісьменніца-аматар. Яна з’яўляецца першай жанчынай-уладальніцай Вялікай Бераставіцы з роду Мнішкаў-Патоцкіх. Бераставічанам Юзэфіна Патоцкая вядома ў вобразе вавёркі на гарадскім гербе Вялікай Бераставіцы і як фундатарка шпіталя для хворых і ўбогіх імя Святога Яна Божага пры старажытным касцёле Звеставання Панны Марыі ў 1793 годзе. Вайсковы дзеяч ВКЛ, палкоўнік 3-га пяхотнага палка, камандор Мальтыйскі Юзаф Дамінік Касакоўскі (1771-1840) – першы ўладальнік Вялікай Бераставіцы з роду Касакоўскіх, заснавальнік бераставіцкай галіны гэтага роду. Ён вядомы як фундатар першага мураванага палаца ў Вялікай Бераставіцы, удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі і напалеонаўскай кампаніі 1812 года. Каля “Дрэва заснавальнікаў гісторыі Вялікай Бераставіцы” намаляваны персанажы раённага свята “Бераст-Фэсту” Бераст і Тавіца ў народным строі. Фон “Дрэва” напоўнены захаванай архітэктурнай спадчынай Вялікай Бераставіцы. Гэта ратуша, музей Вавёркі, царква, стары і новы касцёлы. Вось пра што расказвае нам роспіс на фасадзе. Хочацца верыць, што ён стане для бераставічан матывацыяй звярнуцца да гісторыі роднага краю. Святлана Ганчарова, фота аўтара