|
Краязнаўчы каляндар Бераставіччыны на 2012 год Краязнаўчы каляндар на 2012 год створаны на аснове кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна, “Летапіснай хронікі Бераставіччыны”, тэматычнай папкі “Знакамітыя людзі Бераставіччыны”, фактаграфічнай картатэкі “Славутыя імёны Бераставіччыны”. Папка і картатэка змяшчаюць звесткі энцыклапедычных выданняў: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т..-Мн.: БелЭн., 1996-2003.- Т. 1-16; Беларусь: Энцыкл. давед.-Мн.: БелЭн., 1995; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн.: БелЭн., 1993-2001.- Т. 1-6; Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Х-ХІХ стст.: Энцыкл. давед.- Мн.:Бел.Эн., 1995; Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.- Мн.: БелСЭ, 1984-1987; Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн.: У 6 т.- Мн.: БелЭн., 1992-1995; Пяткевіч А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: Давед.- Гродна, 2000. Адбор юбілейных дат рабіўся ў адпаведнасці са значнасцю для гісторыі, эканомікі і культуры краю. Для персаналій юбілейнымі вырашана лічыць: 60, 65, 70 ... і далей гадоў. Указваюцца сувязі дзеячаў з Бераставіччынай. Даты даюцца па новаму стылю, геаграфічныя аб’екты – згодна сучаснаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню. Спадзяёмся, што наш каляндар будзе карысным і цікавым для шырокага кола чытачоў, краязнаўцаў, бібліятэкараў і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. 555 гадоў з дня нараджэння Хадкевіча Аляксандра Іванавіча (каля 1457 – 28.05.1549), маршалка гаспадарскага Вялікага княства Літоўскага ў 1506-09, 1511-47 гг., ваяводы новагародскага з 1544 г., першага ўладальніка Вялікай Бераставіцы.
265 гадоў з часу заснавання ткацкай мануфактуры ў Вялікай Бераставіцы, якую фінансаваў у 1747-1774 гг. Ежы Аўгуст Мнішак, маршалак надворны каронны, уладальнік мястэчка. 260 гадоў з дня нараджэння Патоцкай Юзэфіны Амеліі (Мнішак) (29.08.1752-1798), пісьменніцы-аматаркі і мастачкі, уладальніцы Вялікай Бераставіцы з 1774 года; другой жонкі генерала кароннай артылерыі графа Патоцкага Станіслава Шчэнснага. 245 гадоў з дня нараджэння Пешкі Юзафа (1767-1831), польскага і беларускага мастака, партрэтыста, гістарычнага жывапісца і майстра гарадскога пейзажу, які ў 1803-04 гг. намаляваў ратушу ў Вялікай Бераставіцы. Дзякуючы мастаку ў навуковай літаратуры маецца першае і дакладнае ўяўленне аб бераставіцкай ратушы – сімвалу самакіравання ў мястэчку. 235 гадоў з дня смерці Клемма Яна Генрыка (?-1777), нямецкага архітэктара, які працаваў у Рэчы Паспалітай па запрашэнню польскага караля Аўгуста ІІІ Саса. У 1754-55-ых гг. здзейсніў праект ратушы ў Вялікай Бераставіцы з гандлёвымі радамі накшталт ратушы ў Беластоку. 205 гадоў з дня нараджэння Орды Напалеона (11.02.1807-26.04.1883), піяніста, кампазітара, педагога, мастака. У 1870-х гг. бываў на Бераставіччыне, зрабіў замалёўкі сядзіб і краявідаў у Малай і Мураванай Бераставіцах, Кватарах, Масалянах, Вайцехаўшчыне, Пархімаўцах. 200 гадоў з часу акупіравання Бераставіччыны (канец чэрвеня 1812 г.) часцямі 400-тысячнай арміі Напалеона (часці корпуса саксонцаў пад камандаваннем генерала Ж.Л. Рэнье). Акупацыя прадаўжалася да снежня 1812 г. 180 гадоў з дня нараджэння Казлоўскага Ігнація Якаўлевіча (1832 – пасля 1882), ксяндза Вялікабераставіцкага касцёла, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху 1863-64-ых гадоў у Беларусі, аднаго з паплечнікаў Кастуся Каліноўскага па гродзенскай арганізацыі; з 1865 года перайшоў у праваслаўе і працаваў настаўнікам у Расіі і Украіне. 175 гадоў з дня нараджэння Ражанскага Фелікса (каля 1837 – пасля 1903), беларускага паэта, мемуарыста, удзельніка рэвалюцыйнага руху 1863- 64-ых гг., працаваў каморнікам у Вялікай Бераставіцы, аўтара успамінаў “З Гродзенскага ваяводства(1903)”, у якіх змясціў каштоўныя звесткі па гісторыі дзейнасці гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі на Бераставіччыне. 175 гадоў з дня нараджэння Касакоўскага Станіслава Казіміра (03.07.1837, в.Вайткушкі Вількамірскага пав. (Літва) – 04.11.1905), дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Каралеўства Польскага, вядомага гісторыка і генеалога, аднаго з уладальнікаў Вялікай Бераставіцы, фундатара новага палацу Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы. 150 гадоў з часу прыезда кіраўніка паўстання 1860-ых гг. Кастуся Каліноўскага ў Вялікую Бераставіцу (1862) для папаўнення радоў гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, у якую ўвайшлі жыхары Бераставіцы: ксёндз Казлоўскі І.Я. і каморнік Ражанскі Ф. 125 гадоў з часу адкрыцця (1887) чыгуначнай станцыі Бераставіца. 120 гадоў з дня нараджэння Шырмы Рыгора Раманавіча (20.01.1892, в. Шакуны Пружанскага р-на – 23.03.1978), дырыжора, фалькларыста, музычнага дзеяча, публіцыста, Народнага артыста Беларусі (1949), Народнага артыста СССР (1955). У 1929-30 гг. некаторы час жыў на Бераставіччыне, дзе запісаў народныя песні. 120 гадоў з дня нараджэння Міхайліна Івана Пракоп’евіча (01.01.1892, Беламесная Слабада Тульскай вобл. – 23.06.1941), генерала-маёра, са студзеня 1941 г. – намесніка камандуючага Беларускай (Заходняй) Асобай Ваеннай акругі. Загінуў у першыя дні вайны на тэрыторыі Бераставіцкага раёна. 100 гадоў з часу адкрыцця ў в. Клепачы (1912) мужчынскага і жаночага народных вучылішчаў. 100 гадоў з часу заканчэння будаўніцтва і асвячэння новага касцёла Пераўтварэння Божага ў Вялікай Бераставіцы па праекту гродзенскага архітэктара І.К. Плотнікава (1912). Фундатарам будаўніцтва з’яўляўся ўладальнік маёнтка граф Іосіф Касакоўскі (1866-1917). 85 гадоў з дня нараджэння Пракапец Браніславы Станіславаўны (1927-1986), Заслужанай настаўніцы Беларусі (1970). У 1951-1977 гг. працавала настаўніцай геаграфіі Вялікабераставіцкай СШ, затым настаўніцай і дырэктарам Цецяроўскай (цяпер Пагранічнай) СШ. 85 гадоў з дня нараджэння Марцінчык Валянціны Міхайлаўны (нар. у 1927 г., в. Кубельнікі), навукоўца, педагога, кандыдата сельскагаспадарчых навук (1971), дацэнта кафедры кармлення і фізіялогіі сельскагаспадарчых жывёл Гродзенскага аграрнага універсітэта. 80 гадоў з дня нараджэння Хвясько Георгія Іосіфавіча (нар. у 1932 г., г.п. Вялікая Бераставіца), у 1976-1990-х гг. – намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. 80 гадоў з дня нараджэння Жвалеўскай Кацярыны Антонаўны (нар. у 1932 г., в. Канюхі), заслужанага ўрача БССР (1979). З 1962 г. у Гродне: педыятр-метадыст аргмедаддзела Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, інспектар па ахове здароўя дзяцей Гродзенскага аблздраўаддзела, галоўны педыятр вобласці (з 1970) і інш. Узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. 75 гадоў з дня нараджэння Дарашкевіча Валерыя Мікалаевіча (нар. у 1947 г., в. Карпаўцы), навукоўца, кандыдата тэхнічных навук (1981). Працаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі АН БССР. З 1988 г. у Інстытуце радыёбіялогіі АН БССР. У 1990-94 гг. – намеснік дырэктара па навуковай частцы Беларускага дзаржаўнага праектнага інстытута ў Віцебску. З 1994 г. – у Кіеве. 75 гадоў з дня нараджэння Губіча Віктара Аляксандравіча (1937-2005), заслужанага работніка культуры Беларусі (1980), з 1961г. –дырэктара Бераставіцкага РДК, у 1970-71 гг. – загадчыка аддзела культуры Бераставіцкага райвыканкама. 75 гадоў з дня нараджэння Саланевіча Аляксея Уладзіміравіча (нар. у 1937 г., в. Жабры), вайскоўца, палкоўніка (1998), з 1977 г. выкладчыка, затым намесніка начальніка Тульскага вышэйшага артылерыйскага інжынернага вучылішча. 75 гадоў з дня нараджэння Чушынскай (Калінінай) Клаўдзіі Уладзіміраўны (нар. у 1937 г., в. Падбагоннікі), доктара гістарычных навук (1990), прафесара (1992), у 90-х гадах намесніка загадчыка кафедры нацыянальных і федэральных адносін у Акадэміі дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. 75 гадоў з дня нараджэння Лукашыка Івана Аркадзевіча (нар. у 1937 г., в. Кавалі), навукоўца, электроншчыка, кандыдата фізічных навук. З 1959 г. працаваў ў вылічальным цэнтры БДУ імя Леніна. Аўтар 4-х вынаходстваў у галіне электронікі. 4 разы ўдзельнічаў у Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. 70 гадоў з дня нараджэння Лагады Ігара Уладзіміравіча (нар. 18.02.1942 г., г.п. В. Бераставіца), навукоўца і педагога, з 1966 г. – выкладчыка Брэсцкага будаўнічага інсцітута(цяпер політэхнічнага ўніверсітэта) на кафедры вышэйшай матэматыкі. 70 гадоў з дня нараджэння Койты Казіміра Канстанцінавіча (нар. 04.03. 1942 г., в. Макараўцы), беларускага філосафа, педагога, з 1972 г. выкладчыка кафедры філасофіі навуковага камунізму (з 1993 г. кафедры гуманітарных навук) Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. 70 гадоў з часу стварэння на тэрыторыі Бераставіччыны пад час Вялікай Айчыннай вайны (сакавік 1942 г.) партызанскай групы пад кіраўніцтвам В.А. Васільева. 65 гадоў з часу надання Вялікай Бераставіцы статуса гарадскога пасёлка (19 лютага 1947 г.). 65 гадоў з дня нараджэння Лукашыка Мікалая Ніканоравіча ( нар. у 1947 г., в. Падбагоннікі), навукоўца, педагога, кандыдата сельскагаспадарчых навук (1984), дацэнта. З 1987 г. у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце: дэкан факультэта аховы раслін (1990-1995), загадчык кафедры аховы раслін (з 1996 г.). 65 гадоў з дня нараджэння Шышкіна Віктара Мікалаевіча (02.01.1947, г.п.Вялікая Бераставіца - 05.04.2007), навукоўца, педагога, кандыдата хімічных навук (1978). У 1976-2006 гг. дацэнт, загадчык кафедры арганічнай хіміі Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. 65 гадоў з дня нараджэння Хакала Алега Уладзіміравіча (1947, в. Ёдзічы – 2004), навукоўца, кандыдата тэхнічных навук (1978), Заслужанага вынаходніка СССР (1983). 65 гадоў з часу стварэння (1947) калгасаў у Вялікай Бераставіцы і вёсках Багдзюкі і Кавалі. 60 гадоў з пачатку будаўніцтва ў Вялікай Бераставіцы раённай бальніцы (1952). 60 гадоў з дня нараджэння Матусевіча Аляксандра Аляксандравіча г.(нар. у 1952 г., г.п. Вялікая Бераставіца), вайскоўца, палкоўніка, кандыдата тэхнічных навук. З 1983 працаваў у Днепрапятроўскім вышэйшым зенітна-ракетным вучылішчы, з 1992 г. – намеснік начальніка кафедры ваеннай падрыхтоўкі Днепрапятроўскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта чыгуначнага транспарту 55 гадоў з часу стварэння ў раёне арганізацыі “Раён электрычных сетак”. 50 гадоў з дня смерці Валынцэвіча Паўла Канстанцінавіча (1875-1962), праваслаўнага святара і фатографа-аматара, ураджэнца Вялікай Бераставіцы. Зрабіў звыш 300 фотаздымкаў з відарысамі беларускіх вёсак і сядзіб, архітэктурных помнікаў і святаў, якія адлюстроўваюць гісторыю Беларусі 1-ай пал. ХХ ст., у тым ліку і мястэчка Вялікая Бераставіца. 50 гадоў з часу завяршэння будаўніцтва ў Вялікай Бераставіцы птушкафабрыкі (1962). 45 гадоў з часу адкрыцця ў Вялікай Бераставіцы (1967) першай у раёне дзіцячай музычнай школы (з 2007 г. – Дзіцячая школа мастацтваў). 45 гадоў з часу заснавання ў Вялікай Бераставіцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (1967). 40 гадоў з часу стварэння ў Вялікай Бераставіцы арганізацыі “Райпалівазбыт” (1972). 15 гадоў з часу адкрыцця ў Малабераставіцкай СШ краязнаўча-этнаграфічнага музея (12 жніўня 1997 г.). 5 гадоў з часу адкрыцця мастацкага аддзялення ў Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў (2007. Першы настаўнік – Раманоўская Вольга Уладзіміраўна). Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Бераставіцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага
|