Галоўная / Навiны / Навiны раёна
26.11.2020

“Быў. Ёсць. Буду…”. 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча прысвячаецца

Сёння, 26 лістапада, класіку беларускай літаратуры, паэту, празаіку, драматургу, кінасцэнарысту, публіцысту, перакладчыку Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 90 год. Уладзімір Сямёнавіч — адзін з найбольш яркіх беларускіх літаратараў XX стагоддзя. За яго кнігамі, якія выдавалі вялікімі тыражамі, выстройваліся чэргі. Творамі аўтара да гэтага часу зачытваюцца людзі па ўсім свеце.

Караткевіч першым сярод беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да гістарычнага дэтэктыву, ды і ў цэлым узбагаціў беларускую літаратуру новымі жанрамі з інтэлектуальным і філасофскім зместам. Лёс яму даў кароткае жыццё – няпоўных 54 гады, аднак ён змог з бляскам зацвердзіць сябе ў паэзіі і мастацкай прозе, публіцыстыцы і крытыцы, дзіцячай літаратуры і перакладчыцкай справе, драматургіі для тэатра, оперы і кіно.

Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народа, яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды, аказаў прыкметны ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё беларускага народа. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы свету.

У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага, яе дзіцячым і сельскіх філіялах дзейнічаюць кніжныя выставы, прысвечаныя творчасці Уладзіміра Караткевіча. Асобна прадстаўлены галоўныя творы аўтара – “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чазенія”, “Леаніды не вернуцца да зямлі” (“Нельга забыць”), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Сівая легенда”, “Зямля пад белымі крыламі”, а таксама яго зборнікі паэзіі, казкі, п’есы, эсэ і нарысы. Экспазіцыі знаёмяць і з літаратурай аб жыцці і творчай спадчыне класіка беларускай літаратуры.

Акрамя гэтага, бібліятэкі раёна далучыліся да абласной online-акцыі “Чытаем разам творы Уладзіміра Караткевіча”. Дзеці і дарослыя чыталі вершы ці ўрыўкі з твораў Караткевіча. Запісаныя відэаролікі даступныя на сайце райбібліятэкі https://berest-lib.blogspot.com/p/blog-page_739.html

Прагучалі вершы Уладзіміра Караткевіча “На Беларусі Бог жыве”, “Бабіна лета”, “Бацькаўшчына”, “Каложа”, “Страціў лес свой зімні чуб”, “Блякла-сіняе неба і чырвань галін…”  у выкананні  школьніцы Дарыны Прымак з аг. Канюхі, бібліятэкара райбібліятэкі  Жанны Матысік, студэнта 5 курса  Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Руслана Хлебнікава (на здымку) і школьніцы Маргарыты Карпач з аг. Алекшыцы, малабераставіцкіх вучаніц Дзіяны Грышкевіч і Алесі Сяргейчык. Урывак з “Паэмы пра Явар і Каліну» прачытаў юны чытач з аг. М. Бераставіцы Яўген Мядзведзяў. А Яўген Іванавіч Сенкевіч з аг. Алекшыцы, для якога Уладзімір Караткевіч з’яўляецца сапраўдным класікам беларускай літаратуры, – урывак з рамана “Чорны замак Альшанскі”.  Чытачка Пагранічнай сельскай бібліятэкі Паліна Дзянісік пазнаёміла аўдыторыю з казкай “Чортаў скарб”, а актыўная наведвальніца дзіцячай бібліятэкі Анастасія Свёкла – з апавяданнем “Белавежская пушча”.

Да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі  падрыхтавалі таксама віртуальную прэзентацыю “Пад чароўным ветразем стагоддзяў”, паглядзець якую можна па спасылцы https://www.calameo.com/books/0039678350741c6562381

Святлана Ганчарова